ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1635 у Гродне на левым беразе Нёмана па фундацыі Сузанны і Яўстахі Курч. Асіметрычная кампазіцыя комплексу вызначана складаным рэльефам мясцовасці. Уключае касцёл, вежу-званіцу, кляштарны корпус, браму з агароджай. Мураваныя касцёл і 2-павярховы кляштарны корпус утвараюць замкнёны ўнутр. двор. Касцёл — 3-нефавая базіліка, цэнтр. неф і апсіда якой вырашаны адзіным аб’ёмам і накрыты агульным 2-схільным чарапічным дахам, больш нізкія бакавыя нефы — аднасхільнымі. Пасля пажару ў 18 ст. касцёл адноўлены, яго дэкар. аздоба значна зменена. Інтэр’ер вызначаецца багаццем арх. пластыкі і маст.-дэкар. аздаблення (разьба па дрэве, лепка, скульптура). Двух’ярусны гал. алтар у стылі барока ўпрыгожаны скульптурай і накладной разьбой. Амбон у стылі ракако дэкарыраваны гарэльефнымі выявамі 4 евангелістаў. З паўн. боку да гал. фасада прылягае 3-ярусная вежа-званіца з самаст. уваходам. Першы ярус, які прымыкае да сцяны бакавога нефа касцёла, захаваў агульную з 1-м ярусам гал. фасада пластыку 17 ст., 2-і і 3-і ярусы, перабудаваныя ў 18 ст., вырашаны ў насычанай рэльефнай пластыцы сталага барока. Званіцу ўвенчвае высокі фігурны шлем. П-падобны няправільны ў плане кляштарны корпус прыбудаваны да касцёла з паўд. боку. У паўд.-зах. вугле корпуса знаходзіцца вялікі ў выглядзе рызаліта аб’ём, дзе былі трапезная і б-ка. У паўн.-зах. частцы захаваліся фрагменты агароджы і барочная брама.

У.А.Чантурыя, С.Г.Багласаў, Г.М.Ярмоленка.

т. 5, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)